МедиаО нас пишутГазета "Звязда", 13.09.2011

Интервью в гезете "Звязда" № 174 (27037) от 13 верасня 2011 г.

Як беларускі дыджэй Рудзеня стварыў радыёстанцыю прама ў сваёй спальні

І прыцягнуў да сябе на эфіры цэлы батальён ад беларускай эстрады

 

Розгалас пра беларускага дыджэя Пашу Рудзеню разышоўся, дзякуючы радыёэфірам... з яго уласнай кватэры.

У шасціметровым пакойчыку хлопец, які ад нараджэння не бачыць, сам наладзіў студыю так званага "Мясцовага радыё". Тут перабываў цэлы батальён ад беларускай эстрады — пачынаючы з Аляксандра Ціхановіча і Іны Афанасьевай.

Пра гэтую саматужную радыёстанцыю ведаюць за мяжой. А на стажыроўку да дыджэя Рудзені прыходзяць студэнткі Інстытута журналістыкі БДУ.

Экскурсію па "Мясцовым радыё" невідушчы дыджэй правёў і для карэспандэнта "Звязды".

— Вось гэта ўзмацняльнік — кінапаўскі, савецкі. З яго раней у клубах круцілі кіно, музыку. Я абмяняў яго некалі на бабінны магнітафон, — паказвае 29-гадовы Паша Рудзеня абсталяванне "Мясцовага радыё". — Таксама тут магнітафон — можна ўключаць дыскі, можна ставіць музыку з флэшкі. Паўгода таму купіў ва ўнівермагу.

— Няўжо з гэтым абсталяваннем ты выходзіў у эфір?

— У гняздо для навушнікаў падлучаў штэкер, узмацняльнік падключаў да радыёкропкі. Вось мікрафон, зроблены з тэлефоннай трубкі. У яго размаўляў.

Паша пачаў паказваць, як вяшчаў у той самы мікрафон-слухаўку: "Добры дзень, спадары і спадарыні, вы слухаеце "Мясцовае радыё". Ля пульта і ля мікрафона — Павел Рудзеня. Наперадзе навіны і прагноз надвор'я. Не забываемся, што мы з вамі — да 15.00..."

— А гэта — самаробнае радыё, на ім — тумблер. Радыёкропка змаўкае, націскаеш на тумблер — і ты ў эфіры. Калі запісваю інтэрв'ю, то на вось гэты дыктафон, — паказвае Паша стары касетнік. Такім яшчэ гадоў восем таму карысталася большасць беларускіх журналістаў. — Піша вельмі добра... Калі, дырэчы, ёсць касеты, прынось мне...

Па словах Пашы, часам у яго эфірах прымалі ўдзел цэлыя гурты. У маленечкі пакой "Мясцовага радыё" музыкі змяшчаліся не заўсёды. Здаралася, нехта не пагаджаўся ехаць да Пашы на ўскраек горада, пад самую кальцавую: маўляў, далёка. Тады дыджэй узбройваўся гэтым самым касетнікам і запісваў інтэрв'ю з музыкамі дзе-небудзь на дварэ ў цэнтры сталіцы, пасадзіўшы гурт на лаву.

— І каго ты запісваў на гэты дыктафон? — пытаюся.

— Зорак беларускай эстрады, якія сюды прыходзілі. Песня — інтэрв'ю, песня — інтэрв'ю — так і кляпаўся эфір...

У гэты момант гутаркі ў пакой заходзіць сястра дыджэя: "Паша, дождж абяцалі?" "Абяцалі. І маланку", — парыруе дыджэй.

Паша Рудзеня ў курсе ўсіх апошніх навін і прагнозаў надвор'я, хоць і не можа самастойна праглядаць інтэрнэт. Адным з першых ён распавёў мне жалобную навіну пра гібель легендарнага беларускага хакеіста Руслана Салея, Сяргея Астапчука і Мікалая Крываносава пад Яраслаўлем...

"У кватэру чалавек сем ці восем заляцела. Я не прызнаваўся, што выходзіў у эфір..."

— Ты ўвогуле нічога не бачыш?

— Так.

— Ад нараджэння?

— Так, ад нараджэння, — прастадушна адказвае дыджэй і хваліцца сваімі новымі сонцаахоўнымі акулярамі. — Учора за 70 тысяч набыў. Прыгожыя?

— Даволі класныя. Слухай, а як ты зрабіўся дыджэем?

— Навучаўся я ў школе для дзяцей, якія слаба бачаць. А як радыё з'явілася ў маім жыцці? Калі быў малы, у школе аднойчы ўключыў магнітафончык у радыёкропку і ў разетку 220 вольт. Чую, музыка пайшла па школе. (вынаска) Прыехаў сюды, зрабіў гэтую ж аперацыю дома. Думаў, мяне чуваць толькі ў адным пад'ездзе. Пачаў мацюкацца ў эфіры. Суседзі паскардзіліся ў міліцыю, і прыехалі адкуль трэба. Гэта было 12 гадоў таму. Чалавек сем ці восем заляцела. Я не прызнаваўся, што падключаўся. А суседка, адна бабуля, сказала ім: "Ён больш такога рабіць не будзе". Я ж ёй гаварыў усё. Ніхто нічога не забраў, проста сказалі так больш не рабіць.

Праз нейкі час эфіры пачаліся зноўку. Але мяне не чапалі. Напэўна, дзяржава разумела, што я нічога дрэннага не раблю. Вёў звычайныя лінейныя эфіры ў той час, калі радыёкропка з Першым нацыянальным каналам беларускага радыё змаўкала. Плюс запрашаў у госці зорак эстрады.

— Ці шмат людзей цябе слухала?

— На чатырох вуліцах. Раней тэлефанавалі падчас эфіраў нават з інтэрнатаў БДУ па вуліцы Курчатава.

— А навошта тэлефанавалі? Павіншаваць кагосьці?

— Не толькі. Я праводзіў розыгрышы прызоў. А грошы на іх зарабляў так: іграў на трубе ў пераходах, у вагонах метро.

— Слухай, дык у такім разе я цябе не раз бачыў. Во, думаю, на кагосьці ты падобны!

— Так і ёсць.

— Ты хадзіў яшчэ з нейкім чалавекам.

— Так, з сябрам. Частку грошай траціў на сябе, на астатнія купляў дыскі і разыгрываў у эфіры. Здаралася, выйграваў на адной радыёстанцыі, а разыгрываў на сваёй. Тыя ж дыскі і запрашальнікі ў клуб. У асноўным маімі слухачамі былі людзі пажылыя, але слухала і моладзь. За гадзіну эфіра тэлефанавала пяць-шэсць чалавек. Але сёння людзі прызвычаіліся больш слухаць, чым тэлефанаваць.

Узяць тое ж "Радыё Аплюс", з якім я сёння супрацоўнічаю: тэлефонных заявак за праграму можа быць дзве, а пісьмовых — дзвесце.

"У мяне працуюць і настаўніцы, і студэнткі..."

— І пра што вяшчала "Мясцовае радыё"? Які быў канцэпт?

— Удзень — музычна-інфармацыйная праграма. Апроч песень гучалі навіны, курсы валют, прагнозы надвор'я. Навінамі дзяліліся дыджэі з іншых вядомых радыёстанцый.

Па начах — музыка і некаторыя праграмы. Напрыклад, з пятніцы на суботу — "Шансон-хіт". Добры шансон, без мацюкоў, культурны. У ноч з панядзелка на аўторак — праграма пра тутэйшыя спевы Беларусі. Яе, дырэчы, рыхтуе вядоўца з іншай станцыі, які даў дазвол выкарыстоўваць гэтую праграму ў маіх эфірах.

— Я чуў, што ў цябе тут працаваў цэлы штат супрацоўнікаў...

— Прыходзілі дзяўчаты, навіны розныя кур'ёзныя зачытвалі, музыку ставілі.

— Дзяўчаты? Хто такія?

— Чалавек дзесяць. Раней ў мяне працавала Юля Лабанава, прыйшла ўжо пасля таго, як паступіла ў Інстытут журналістыкі.

— Дык у цябе тут былі нармальныя кадры.

— Так. Напрыклад, дзве Волі. Адна — настаўніца беларускай і рускай моваў у школе. Вера Паклонская, з якой мы намінаваліся на "прэмію Папова". Яна ў краме працавала, а зараз — у крутой фірме, бухгалтарам ці ў аддзеле кадраў. Дзяўчынка Насця, таксама настаўніца па мовах у школе. І іншыя.

— А цэнзура ў вас на радыё ёсць?

— Так. Не брыдкасловіць, у палітыку не лезці, — сурова адрэзаў Паша.

— А што, бывалі выпадкі?

— Гадоў пяць таму размаўлялі ў эфіры, і перастаў працаваць мікрафон. Я і так, і сяк, а ён не падключаецца. Я пачаў нервавацца і сказаў: "Б..., мікрафон не працуе", і ён запрацаваў. Я папрасіў прабачэння прама ў эфіры і паабяцаў, што такога больш не здарыцца. Цяпер я сябе так спакойна адчуваю, што ў выпадку тэхнічных праблем стараюся ўсё выправіць і пры гэтым спакойна трымацца.

"З Сан-Францыска нам уручылі спецыяльную намінацыю, сказалі, што больш такую нікому не дадуць..."

— Я бачу, у цябе вісяць постары з аўтографамі Жоры Калдуна, Івана Буслая. Хто ў цябе тут бываў на эфірах?

— Ды ўсе перабывалі. Аляксандр Ціхановіч. Вельмі добры сябар, дапамагае і грашыма, і так. Былі Лёша і Андрэй Хлястовы. Была Іна Афанасьева. Ёй патэлефанавала чалавек 20. Простая, адкрытая.

— І як праходзілі эфіры з "франтавікамі" эстрады?

— Тэлефанавалі людзі, задавалі пытанні. Аднойчы Саладуху патэлефанавала толькі тры-чатыры чалавекі. Ён сказаў: "Мне мала людзей патэлефанавала, больш да вас не пайду". Гурт "Дразды" быў, Алеся. Карацей, усе былі. Дзяніс Дудзінскі прыходзіў як радыёвядоўца, задаваў яму пытанні: як патрапіў на радыё, як што было. Дыджэй Аляксандр Крывашэеў быў.

— А замежнікі да цябе прыходзілі калі-небудзь?

— Напісалі ліст у Маскву Дзянісу Майданаву. А праз некалькі дзён мяне запрасілі ў Палац Рэспублікі на інтэрв'ю. Праўда, на пытанні адказвала яго жонка — Наталля Майданава.

— Летась пісалі пра тое, што ты стаў лаўрэатам "Прэміі Папова". Па ТБ сюжэты паказвалі...

— Гэтую прэмію раней выдавалі ў Маскве і ў Пецярбурзе. Але ў 2010 годзе нешта здарылася, нехта з кімсьці пасварыўся, і яна праходзіла ў Сан-Францыска. Была анлайн-канферэнцыя. Я выходзіў у сеціва ад свайго сябра-рэжысёра, які здымае пра мяне кіно, якое будзе паказвацца на фестывалях у Еўропе.

Нам тады далі спецыяльную намінацыю "За любоў да радыё", сказалі, што больш такую нікому не дадуць.

— Грошай далі?

— Не, уся прэмія — гэта статуэтка і грамата. Я іх дагэтуль не атрымаў. Але неўзабаве Дзмітрый Дзяргач (арганізатар "Прэміі Папова". — "Звязда") вернецца ў Маскву, і мы ўсе гэтыя пытанні ўладзім.

— Паша, а з чаго ты ўвогуле жывеш?

— Атрымліваю пенсію.

— Ты такі шоумэн, і не зарабляеш на ўлюбёнай справе ні даляра?

— Але мне падабаецца мая работа. Ужо чатыры месяцы я працую на "Радыё Аплюс", якое вяшчае праз інтэрнэт. Гэта некамерцыйны праект. Там я вяду ранішняе шоў "Кафяёк", праграму па заяўках, і ў мяне сваё шоу ёсць: людзі тэлефануюць, расказваюць анекдоты, спяваюць песні. Мы выбіраем пераможцаў і раздаём падарункі. У нас вельмі добры калектыў, дырэктар...

— І што, інтэрнэт-радыё слухаюць? Я дык уключаю прымач толькі ў машыне, слухаю FM-радыёстанцыі.

— У мяне сяброўка працуе на рынку ў Ждановічах. Яна пайшла перакусіць у "Сайгон" (азіяцкая кавярня. — "Звязда") і пачула мой голас, дык ледзь не папярхнулася ад нечаканасці. Нам падчас эфіраў часта тэлефануюць з крам, супермаркетаў. Нават аўтааматары тэлефануюць. Нядаўна дзяўчына з аўтобуса пазваніла. (вынаска) Слухала наша інтэрнэт-радыё праз тэлефон...

На гэтым першая частка нашай гутаркі скончылася. Паша рыхтаваўся да чарговага эфіру. На наступны дзень дыджэй запрасіў мяне да сябе на інтэрнэт-радыёстанцыю.

"Я з-за яе такіх дзвюх дзяўчат адшыў! Каб не яна, ужо даўно ажаніўся б..."

Раней я думаў, што беларускае інтэрнэт-радыё вяшчае ў нябёсы, што тэхналогіі пакуль не развіліся да такой ступені, каб можна было казаць пра нейкую папулярнасць. Але візіт на працу да дыджэя Рудзені мяне здзівіў. За гадзіну эфіра падчас яго шоу ў студыю патэлефанавала шэсць чалавек, прыйшло некалькі дзясяткаў заявак праз інтэрнэт.

— Так, Юля, ставім дзве песні запар, і я на перакур, — загадаў Паша Рудзеня сваёй напарніцы і пашураваў на ганак. — Я які ў жыцці, такі і на радыё. Абсалютна просты, пазітыўны і завадны. Валам паведамленні, і нават тэлефанаванні раскачагарылі. Учора нам прыйшло каля 500 заявак на песні. Давялося праграму працягваць на некалькі гадзін. Але наша інтэрнэт-радыё — гэта некамерцыйны праект, грошы не зарабляюцца. Аднак я перакананы: будучыня радыё — за інтэрнэтам. А вось FM-радыёстанцыі, думаю, страцілі шмат слухачоў.

Пасля эфіру, падвозячы дыджэя Пашу Рудзеню дахаты, пытаюся ў яго пра асабістае жыццё.

— У цябе дзяўчына ёсць?

— З кім час правесці ёсць. Раней былі сур'ёзныя адносіны, але мы разышліся, так атрымалася. Дзіцяці ўжо чатыры гады.

— ??? Пра гэта можна пісаць?

— Можна. Справа не ў тым, што ў мяне няма зроку. Справа ў яе маці. З кім бы дзяўчына ні сустракалася, мама заўсёды была супраць. Сустракацца можна было толькі тады, калі маці была на працы. Потым пачалося: то давай развітаемся, то давай усё вернем, то давай развітаемся, то давай сыдземся. Я з-за яе дзвюх такіх дзяўчат адшыў! Адна да мяне так ляпілася! Гатовы быў ажаніцца.

Потым мая зацяжарала, паабяцала, што не будзе слухацца маці. Ну а калі нарадзіла, сказала: "Мама не хоча, каб я з табой сустракалася". Тая маці такая недалёкая, што прымусіла дзіцяці імя па бацьку змяніць.

— А што ты цэніш у жанчынах?

— Дабрыню, шчырасць. Каб паміж паловамі было ўзаемаразуменне, павага. Каб сцервай не была.

— А сцерваў шмат табе траплялася?

— Ды не ведаю. Камунікую з усімі, якія добрыя. Але ў асноўным з дзяўчатамі зараз сябрую. А тыя, што сёння хочуць са мной сустракацца (такіх, дарэчы, некалькі) — ну не маё гэта...

Р.S. Што мяне моцна здзівіла, ніводная вядомая камерцыйная радыёстанцыя, ніводзін тэлеканал дагэтуль не запрасілі шоумэна і дыджэя Рудзеню на працу. Па спецыяльнасці гэты хлопец не зарабляе ні рубля.

Праўда, яго гэта акалічнасць турбуе менш, чым вас і мяне.

Яўген ВАЛОШЫН.

Фота аўтара.

 

Фота 1 альбо 2 — цэнтравое, без подпісу.

Фота а, b, с — каскадам, з подпісамі. а: Самае важнае абсталяванне "Мясцовага радыё" — гэта савецкі ўзмацняльнік і магнітафон. b: Так выглядае самаробнае радыё, з тумблерам. с: А гэта — мікрафон, зроблены з тэлефоннай трубкі.