МедиаО нас пишутПольское радио. 05.09.2011

Беларуская служба Польскага радыё

Невідушчы радыёдыджэй Павал Рудзеня

29-гадовы Павал Рудзеня – гэта партызанскі камандзір беларускай радыёпрасторы. Каля 12 год ён выходзіў у эфір з уласнай сталічнай кватэры, падлучаючы саматужнае абсталяваньне да мясцовай радыёкропкі. 

Так званае “Мясцовае радыё” слухалі дзясяткі жылых і адміністратыўных будынкаў, некалькі студэнцкіх інтэрнатаў. А на стажыроўку да дыджэя прыходзілі нават студэнткі Інстытута журналістыкі.

Павал Рудзеня ад нараджэньня невідушчы, але надзвычай абароцісты малады чалавек. Яго эфіры наведвалі дзясяткі папулярных артыстаў.

А ў мінулым годзе дыджэй атрымаў міжнародную ўзнагароду “Прэмія Папова” у намінацыі “За любоў да радыё”.

Днямі на яго ўнікальнай саматужнай студыі пабываў і карэспандэнт Беларускай службы Польскага радыё.

І адразу ж патрапіў у эфір. Вось як гэта было.

Павал Рудзеня: Добры дзень, спадары й спадарыні. Вы слухаеце “Мясцовае радыё”. Ля пульта й ля мікрафона Павел Рудзеня. Гурт “Квэст Пісталс”, песьня “Ты такая прыгожая!” Наперадзе навіны й прагноз надвор’я. Нікуды не сыходзім. Не забываемся, што да 15.00 з вамі “Мясцовае радыё”. Усім выдатнага настрою, посьпехаў, пазытыву й, канечне ж, вялікага цёплага каханьня.

Студыя “Мясцовага радыё” месьціцца ў маленькім пакойчыку – пяць квадратных мэтраў. У паўзах паміж музычнымі кампазыцыямі Павал Рудзеня распавядае мне пра саматужнае абсталяваньня сваёй радыёкропкі.

Павал Рудзеня: Вось узмацняльнік, магнітафон, мікрафон…

Сястра Павала Рудзені: Паша, дождж абяцалі?

Павал Рудзеня: Так, і маланку таксама.

Паша – не адзіны дыджэй на “Мясцовым радыё”. Разам зь ім працуе некалькі сяброў-энтузіястаў. Некалі, па словах Павала Рудзені, радыё вяшчала па-беларуску. Сёньня на роднай мове выходзіць толькі адна праграма, раз на тыдзень.

Павал Рудзеня: У мяне ёсьць такі сябар, ён тут непадалёк жыве. Ён размаўляе па-беларуску. І калі мы йдзем па горадзе дзесьці, таксама зь ім размаўляю па-беларуску. Я раней выходзіў у эфір на роднай мове, амаль 12 год таму. Але дзяўчынам, якія са мной працавалі, было складана выходзіць у эфір па беларуску, малыя былі, у школе яшчэ навучаліся. Мне ж было складана перайсьці на расейскую. Сёньня мы выходзім па-беларуску раз на тыдзень.

Павал Рудзеня распавядае пра правілы “Мясцовага радыё”. Нельга сварыцца, лаяцца, праводзіць палітычныя агітацыі. Аднак сканчаецца чарговая музычная кампазыцыя, і на “Мясцовым” вяшчае Аляксандр Лукашэнка.

Аляксандр Парошын: Дык вось, палітыку пускаеш!

Павал Рудзеня: Дык гэта ж Бацька! Гэта ж тое, што ў Беларусі адбываецца. Усё як на звычайным радыё: тое, што адбываеецца ў Беларусі й за яе межамі.

Можа быць, праэкт “Мясцовае радыё” вы разглядаеце як нейкую несур’ёзнасьць. Аднак Павал Рудзеня зрабіўся адным з самых вядомых менскіх дыджэяў. Яго эфіры наведалі ледзь ня ўсе артысты з суквецьця беларускай эстрады.

Павал Рудзеня: Ды ўсе ў мяне на эфірах перабылі! Гурт “Дразды”, браты Хлястовы. Была Іна Афанасьева, Аляксандр Саладуха і іншыя.

На разьвітаньне пытаемся ў Паўла Рудзені, ці не баіцца ён, што радыёстанцыі хутка страцяць актуальнасць, што справа яго жыцьця перастане быць цікавай грамадзтву?

Павал Рудзеня: FM-радыёстанцыям можа быць кірдык. Яны зараз больш для фона. 75% беларускай музыкі – гэта вельмі шмат. Людзі павыключалі прыймачы, людзі слухаюць зараз інтэрнэт-радыё, альбо купляюць дыскі, альбо спампоўваюць музыку зь інтэрнэта.

У 2010 годзе беларускія тэлеканалы перадалі сюжэты пра тое, што дыджэй Павал Рудзеня атрымаў “Прэмію Папова” ў намінацыі “Любоў да радыё”. Сёньня Павал вядзе некалькі шоў на адной з некамэрцыйных інтэрнэт-радыёстанцый. А ў яго праграму па заяўках зьвяртаюцца сотні слухачоў зь Беларусі, Расеі й Украіны.
Цікавая сытуацыя: пра дыджэя Павала Рудзеню ведаюць і ў Беларусі, і за межамі нашай краіны. Але за ўлюбёную працу Павал не атрымлівае ні рубля.
І гэта ўнікальнага дыджэя ніколькі не бянтэжыць.

Аляксандр Парошын, Менск