МедиаО нас пишутСайт ampby.org. 5.08.2011

Статья на сайте "Альтэрнатыўная моладзевая платформа" ampby.org

«Радио местное – всем людям известное»

Добрага вядучага пазнаюць па голасе. А калі ён «голас» на радыё, слухач не зможа даведацца аб майстры мікрафона нічога іншага. Як і таго, што ў дыджэя па той бок вочы могуць быць схаваны за чорнымі акулярамі. Альтэрнатыўная Моладзевая Платформа распавядзе, як пераадолець сябе, дамагчыся сваёй мары і на што гатовы людзі дзеля яе… Нягледзячы ні на што.

Сляпы ад нараджэння радыёвядучы Павел Рудзеня ўжо больш за 10 гадоў выходзіць у эфір са сваёй радыёстанцыі ў мінскім мікрараёне Курасоўшчына.

«Радио местное – всем людям известное»

Менавіта такая адбіўка прагучала падчас першага эфіра ў далёкім 1999 годзе. Тады Павел нават і не марыў, што «Мясцовае» будзе мець сваіх сталых слухачоў, а ў гасцях на радыё перабываюць амаль усе зоркі беларускага шоў-бізу. На сёння ажыццявілася нават больш: у 2010 годзе Павел атрымаў прэстыжную прэмію Папова ў спецнамінацыі «Любоў да радыё».

Сам Павел лічыць, што яго любоў да радыё закладзена ў крыві. Яшчэ ў маленстве ён браў магнітафон і запісваў на касеты свае прамовы, уяўляючы сябе вядучым радыёпраграмы.

Дзеля «Мясцовага» радыё малады чалавек зарабляў грошы, граючы на трубе ў метро і пераходах. На заробленыя сродкі купляў падарункі, якія пасля разыгрываў ў эфіры. Яшчэ не было выпадку, калі Павел закідваў радыё праз хваробу ці дрэнны настрой.

Сляпы дыджэй заўжды эксперыментуе, але амплуа не мяняе. Прызнаецца, што ў эфіры ён такі ж, як і ў звычайным жыцці. На яго думку, на радыё нельга прыкідвацца нейкім іншым чалавекам, трэба быць самім сабой. Напэўна за гэтую яго сапраўднасць слухачы часцяком прыходзяць да Паўла ў госці. А калі, незнарок, ламаецца тэхніка, яны тэлефануюць пацікавіцца, чаму Павел не ў эфіры.

З чаго усё пачыналася

«Мясцовае радыё» нарадзілася перш за ўсё праз дапытлівы характар юнака і яго жаданне спрабаваць усё новае. У школе Паша выдатнымі паводзінамі не вылучаўся і аднойчы вырашыў пазабаўляцца са школьнай разеткай. Хлопец падключыў да яе ўзмацняльнік і магнітафон. У навучальнай установе пачала гучна граць музыка, за што жартаўніка пажурылі. Аднак эксперыменты Павел не закінуў, а працягнуў дома.

Ён падключаў сваю тэхніку да правадной радыёсеткі і, не выходзячы з кватэры, агучваў навіны, распавядаў пра надвор’е, ставіў падабраную ім музыку ды проста балбатаў ў эфіры.

Павел разлічваў, што радыё чутно толькі ў яго доме. Аднак, як высветлілася пазней, сігнал атрымаўся такой моцы, што «Першы канал беларускага радыё» быў заглушаны ажно на чатырох вуліцах. У госці завіталі «людзі ў цывільным» і папрасілі, каб ён не перашкаджаў працаваць дзяржаўнай радыёстанцыі. Аднак Рудзеня дамовіўся наладжваць сваё радыё пад-час тэхнічнага перапынку на беларускай радыёстанцыі, ды ноччу.

Слухаць «Мясцовае» можна і зараз у працоўныя дні з 14.00 да 15.00, а таксама ноччу на вуліцах Ландара, Казінца, Курчатава, Каржанеўскага па правадной радыёсетцы.

Новыя вяршыні

Нягледзячы на поспех «Мясцовага», Павел заўсёды хацеў папрацаваць на вялікай радыёстанцыі. У гэтым годзе ягоная мара здзейснілася: ён з’явіўся на хвалях інтэрнэт-радыё @plus. Тут Павел не адчувае дыскамфорта, а нават наадварот, можа дазволіць сабе крыху больш, чым звычайны вядучы. Напрыклад, граць на трубе ў прамым эфіры.

Такі выпадак можна лічыць насамрэч унікальным. На жаль, працэнт людзей з фізічнымі абмежаванасцямі, якія здолелі інтэграваць ў актыўную сацыяльную прастору, досыць невялікі. У Паўла атрымалася таксама не адразу.

«Калі бачылі, што я невідушчы, нават шанца паспрабаваць правесці пілотны эфір не давалі», — распавядае ён аб сваіх спробах уладкавацца на дзяржаўныя радыёстанцыі.

Аднак з @plus усё было па-іншаму. Павел патэлефанаваў кіраўніку інтэрнэт – радыё, Змітру Уласаву, каб запытаць парады па адкрыццю ўласнай інтэрнэт-радыёстанцыі. А дырэктар прапанаваў яму стаць дыджэем на @plus. Тым больш, што раней ён ўжо чуў пра Рудзеню і яго радыё.

Са з’яўленнем ў жыцці вядучага радыё “@plus”, эфіраў на «Мясцовым» менш не стала. Працу на двух радыёстанцыях ён паспяхова сумяшчае. Супрацоўнікі часам запытваюцца ў Паўла, адкуль ён бярэ столькі энергіі, а хлопец ўсміхаецца і сціпла адказвае «ня ведаю…».

Павал упэўнена гаворыць, што не шкадуе аб сваім рашэнні прысвяціць жыццё радыё. Ён лічыць, што дасягнуць магчыма ўсяго, чаго моцна пажадаеш. Для здзяйснення памкненняў фізічныя абмежаванасці – не перашкода. Галоўнае верыць ў свае сілы, у сваю мару і дасягаць яе, нягледзячы ні на што.

Юлія Лабанава