16.02.2012

Невядомыя Творы Васіля Быкава

Знойдзены новыя невядомыя дагэтуль творы народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава. Невядомыя рукапісы знайшліся ў рэчах пісьменніка, якія праляжалі некранутымі шмат гадоў.

Па словах спецыялістаў, творы напісаны ў 1961-1962 гадах і належаць да "гродзенскага" перыяду літаратурнай творчасці Быкава, калі былі напісаныя вядомыя творы аўтара, такія як "Альпійская балада", "Жураўліны крык" і іншыя. Васіля Быкава не стала ў 2003-м годзе і пасля яго смерці ўжо было знойдзена і апублікавана некалькі невядомых твораў пісьменніка.

"На сённяшні дзень ніхто ўжо не спадзяваўся знайсці невядомыя творы Васіля Быкава. Таму дадзеная знаходка сапраўды з’яўляецца прыемнай нечаканкай для беларускай літаратуры", - кажа старшыня саюза беларускіх пісьменнікаў, галоўны рэдактар часопіса "Дзеяслоў" Барыс Пятровіч.

- Гэта сенсацыя. Васіля Уладзіміравіча няма з намі ўжо дзевяць гадоў. А ён працягвае нас здзіўляць сваімі невядомымі творамі. Я думаю, што чытачы ўспрымуць гэта як прыемную нечаканку і як магчымасць яшчэ раз дакрануцца да творчасці Быкава.

Невядомыя творы Васіля Быкава былі знойдзеныя сынамі пісьменніка і перададзеныя даследчыку творчасці Быкава Сяргею Шапрану"На дадзены момант можна гаварыць пра два творы, якія будуць апублікаваныя ў бліжэйшы час, але цалкам магчыма, што невядомы "гродзенскі архіў" Быкава захоўвае і іншыя адкрыцці для беларускай літаратуры", - кажа Сяргей Шапран.

- Аповесць "Атака" і апавяданне "Жалезны камандзір" - гэта было вялікае здзіўленне. Тым больш, што гэта не адзіныя рэчы, якія захоўваюцца ў "гродзенскім архіве" Быкава. Акрамя вышэйзгаданых твораў там ёсць рэчы, якія, калі будуць выдадзеныя, стануць сапраўднай літаратурнай сенсацыяй.

Якія яшчэ творы пісьменніка будуць адкрытыя аматарам яго творчасці ў бліжэйшы час, пакуль застаецца загадкай. Невядомыя ж дагэтуль аповесць пад назвай "Атака" і апавяданне "Жалезны камандзір" будуць апублікаваныя ў новым нумары часопіса "Дзеяслоў" і лютаўскім дадатку да штотыднёвіка "Новы час" газеце "Літаратурная Беларусь".

В Витебске пройдет празднование 125-летия Марка Шагала
Силикон может и спасти!)